Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 35

Леў засмучана нахіліў вялікую галаву і выдыхнуў у скрыўлены страхам твар чараўніка.

— Спі,— сказаў ён. — Спі і на некалькі гадзін адпачні ад усіх пакутаў, якія ты сам сабе стварыў.

Дзядзька Эндру імгненна перакаціўся на спіну, заплюшчыў вочы і спакойна засоп.

— Аднясіце яго ўбок і пакладзіце, — загадаў Аслан. — Цяпер, гномы, пакажыце сваё кавальскае майстэрства! Зрабіце дзве кароны для вашых Караля і Каралевы.

Больш гномаў, чым вы маглі б сабе ўявіць, паспяшаліся да Залатога Дрэва. Яны ў імгненне вока сарвалі ўсё лісце і адламалі некалькі галінак. Цяпер дзеці пабачылі, што дрэва не проста выглядала залатым, але было з сапраўднага мяккага золата. Вядома ж, яно вырасла з дзвюх залатых манетак, якія выпалі з кішэні дзядзькі Эндру, калі яго перавярнулі дагары нагамі; гэтаксама і срэбнае дрэва вырасла са срэбных. Здавалася, з ніадкуль узяліся кучы сухога галля для распальвання, маленькія кавадлы, молаты, абцугі і мяхі. У наступнае імгненне (як гэтыя гномы любілі сваю працу!) палаў агонь, мяхі раўлі, золата плавілася, малаткі грукаталі. Два Краты, якіх Аслан перад тым адправіў капаць (што яны любілі больш за ўсё), высыпалі да ног гномаў горку каштоўных камянёў. Пад спрытнымі пальцамі маленькіх кавалёў дзве кароны набылі форму абручоў, але яны былі не такія пачварныя і цяжкія, як сучасныя еўрапейскія кароны, а лёгкія, далікатныя, дасканалай формы. Яны сапраўды ўпрыгожвалі тых, хто іх надзяваў. Карона Караля была аздобленая рубінамі, а Каралевы — смарагдамі.

Калі кароны астудзілі ў рацэ, Аслан загадаў Фрэнку і Хэлен апусціцца перад ім на калені і ўсклаў кароны на іх галовы. Потым ён сказаў:

— Падыміцеся, Кароль і Каралева Нарніі, бацька і маці шматлікіх каралёў, якія будуць кіраваць Нарніяй, Выспамі і Архэнлэндам. Будзьце справядлівымі, літасцівымі і мужнымі. Хай з вамі будзе дабраславенне.

Тут усе закрычалі: “Ура!” забрахалі, заржалі, затрубілі і залопалі крыламі, а каралеўская пара стаяла, выглядаючы ўрачыста і крыху сарамяжліва, што рабіла іх яшчэ больш высакароднымі. I калі Дыгары яшчэ вітаў Караля і Каралеву, ён пачуў, як глыбокі голас Аслана побач з ім прамовіў:

— Глядзіце!

Усе ў натоўпе павярнулі галовы і выдыхнулі ад здзіўлення і радасці. Непадалёк яны пабачылі дрэва, што ўзносілася над іх галовамі. Раней яго тут дакладна не было. Мусіць, пакуль усе былі занятыя каранацыяй, яно вырасла — ціха, але хутка, як сцяг, калі яго падымаюць на флагшток. Здавалася, што яго разложыстыя галіны адкідваюць святло, а не цень, і пад кожным лістом, нібы зорка, зіхацеў срэбны яблык. Але нават не ад выгляду, а ад паху, які ад яго ішоў, ва ўсіх заняло дыханне. Нейкі час ніхто не мог думаць ні пра што іншае.

— Сын Адама, — сказаў Аслан. — Ты добра пасеяў. А для вас, нарнійцы, абарона гэтага Дрэва будзе вашым першым абавязкам, бо гэта ваш Шчыт. Вядзьмарка, пра якую я вам казаў, уцякла далёка на поўнач свету, яна будзе жыць там, і яе цёмная магія будзе набіраць моц. Але пакуль гэтае Дрэва буяе, яна ніколі не прыйдзе ў Нарнію. Яна не наважыцца падысці да Дрэва бліжэй, чым на сотні кіламетраў, бо яго пах, які ёсць радасць, жыццё і здароўе для вас, — смерць, жах і адчай для яе.

Усе ўрачыста глядзелі на Дрэва. Раптоўна Аслан павярнуў галаву (калі ён зрабіў гэта, ад яго грывы ўпалі сонечныя блікі святла) і паглядзеў на дзяцей сваімі вялікімі вачыма.

— Што такое, дзеці? — спытаўся ён, бо ўбачыў, што яны перашэптваюцца і штурхаюць адно аднаго.

— О, Аслан, сэр, — адказаў Дыгары, чырванеючы. — Я забыўся сказаць табе. Вядзьмарка ўжо з’ела адзін з такіх яблыкаў, з якіх расце Дрэва.

Ён насамрэч не сказаў усяго, пра што думаў, але Полі адразу ж вымавіла гэта за яго (Дыгары заўсёды значна больш за яе баяўся падацца дурнем).

— Таму мы падумалі, Аслан, — сказала яна, — што тут мусіць быць нейкая памылка, і не можа быць, каб яна сапраўды не выносіла пах гэтых яблыкаў.

— Чаму ты так думаеш, дачка Евы? — запытаўся Аслан.

— Ну, яна з’ела адзін.

— Дзіця, — адказаў ён, — менавіта таму ўсе астатнія цяпер выклікаюць у яе жах. Так адбываецца з тымі, хто зрывае і есць яблыкі ў неналежны час і неналежным чынам. Плод добры, але потым ён выклікае агіду.

— Зразумела, — сказала Полі.— I раз яна сарвала яго не ў час, ён не спрацуе для яе. У сэнсе, не зробіць яе вечна маладой і ўсё такое?

— На жаль, — мовіў Аслан, хітаючы галавой, — зробіць. Рэчы заўсёды працуюць адпаведна іх прыродзе. Яна атрымала тое, чаго прагнула яе сэрца: цяпер яе сіла не паменшыцца, а дні не скончацца, як у багіні. Але калі ў цябе злое сэрца, бясконцыя гады толькі падаўжаюць роспач, і яна пачынае гэта разумець. Усе атрымліваюць тое, чаго прагнуць, і ім не заўсёды гэта падабаецца.

— Я… я сам ледзь не з’еў адно, Аслан, — прызнўся Дыгары. — Ці я б…

— Так, дзіця, — сказаў Аслан. — Бо плады заўсёды дзейнічаюць, як мусяць дзейнічаць, але яны не ідуць на дабро нікому, хто зрывае іх, ідучы за ўласнымі жаданнямі. Калі б любы нарніец, без просьбы, скраў яблык і пасадзіў яго тут, каб абараніць Нарнію, ён бы абараніў. Але ператварыў бы Нарнію ў яшчэ адну моцную і жорсткую імперыю, як Чарн. I тады Нарнія не была б той добрай зямлёй, якой я яе задумаў. I Вядзьмарка спакушала цябе зрабіць інакш, сынок, ці не так?

— Так, Аслан. Яна хацела, каб я ўзяў яблык дадому, для маці.

— Зразумей, тады б яно ацаліла яе, але ні ты, ні яна не былі б шчаслівыя. Прыйшоў бы дзень, калі вы абодва азірнуліся б назад і сказалі б, што лепей бы яна памерла ад той хваробы.

I Дыгары не мог адказаць нічога, бо яго душылі слёзы, і ён пакінуў усе спадзяванні на тое, што можа захаваць жыццё сваёй маці; але ў той жа час ён разумеў: Леў ведаў, што магло б здарыцца і што могуць быць рэчы, больш жахлівыя за смерць дарагога чалавека. Але цяпер Аслан ізноў загаварыў, амаль шэптам: