Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 36

— Вось што здарылася б, дзіця, калі б ты скраў яблык. Але зараз такога не адбудзецца. Тое, што я дам табе, прынясе радасць. У тваім свеце яно не дасць бясконцага жыцця, але дасць ацаленне. Ідзі. Сарві для яе яблык з Дрэва.

На секунду ўсе думкі Дыгары зблыталіся. Ён пачуваўся так, нібыта ўвесь свет перавярнуўся дагары нагамі. А потым, быццам у сне, ён пайшоў да Дрэва. Кароль і Каралева і астатнія стварэнні падбадзёрвалі яго. Ён сарваў яблык і паклаў у кішэню. Потым вярнуўся да Аслана.

— А ці можам мы цяпер адправіцца дамоў? — запытаўся ён.

Ён забыўся сказаць: “Дзякую”,— але ён меў гэта на ўвазе, і Аслан зразумеў.

Канец гэтай гісторыі і пачатак усіх астатніх

Вам не спатрэбяцца пярсцёнкі, калі я з вамі,— мовіў голас Аслана.

Дзеці міргнулі і азірнуліся. Яны зноў апынуліся ў Лесе Паміж Сусветамі. Дзядзька Эндру ляжаў на траве і ўсё яшчэ спаў; Аслан стаяў побач з імі.

— Хадзем, — сказаў Аслан. — Вам час вярнуцца назад. Але спачатку я хачу паказаць вам дзве рэчы: засцярогу і прыказанне. Паглядзіце сюды, дзеці.

Яны паглядзелі і ўбачылі ямінку з сухім дном, зарослым травой.

— Калі вы апошні раз былі тут, — загаварыў Аслан, — гэтае паглыбленне было азярком, і, скокнуўшы ў яго, вы трапілі ў свет, дзе паміраючае сонца ззяла над руінамі Чарна. Цяпер азярка няма. Гэтаму свету прыйшоў канец, нібыта ён ніколі і не існаваў. Хай нашчадкі Адама і Евы сцерагуцца.

— Добра, Аслан, — адказалі дзеці.

Полі дадала:

— Але наш свет не такі кепскі, як той, праўда, Аслан?

— Пакуль не, дачка Евы, — сказаў ён. — Пакуль не. Але вы робіцеся ўсё больш падобнымі да яго. I нельга выключыць, што нейкі злодзей з вашай расы вынайдзе сакрэт, такі ж жахлівы, як Непапраўнае Слова, і выкарыстае яго, каб знішчыць усё жывое. I хутка, вельмі хутка, да таго, як вы пастарэеце, вялікімі народамі ў вашым свеце будуць кіраваць тыраны, якіх шчасце, справядлівасць і літасць турбуюць не больш, чым імператрыцу Джадзіс. Хай ваш свет сцеражэцца. А цяпер прыказанне. Так хутка, як толькі здолееце, забярыце ў свайго дзядзькі магічныя пярсцёнкі і закапайце іх, каб ніхто не змог ізноў імі скарыстацца.

Пакуль Леў казаў гэтыя словы, дзеці глядзелі яму ў твар. I раптоўна (яны так ніколі і не зразумелі, як гэта адбылося) ягоны твар стаў падобным да залатога мора, у якім яны плылі. I гэткая ласка і магутнасць ахінулі і напоўнілі іх, што дзеці адчулі, быццам ніколі дагэтуль яны не былі насамрэч шчаслівыя, ці мудрыя, ці добрыя, ці нават жывыя і прытомныя. Успамін пра той момант застаўся з імі назаўсёды. Таму ўсё сваё жыццё, калі яны былі засмучаныя, ці напалоханыя, ці злосныя, яны думалі пра гэтую залатую дабрыню. I адчуванне, што яна ўсё яшчэ тут, зусім побач, дзесьці за паваротам ці за нейкімі дзвярыма, вярталася, і глыбока ўнутры яны ўпэўніваліся, што ўсё добра. У наступную хвіліну ўсе трое (дзядзька Эндру якраз прачнуўся) зваліліся ў шум, гарачыню і рэзкія пахі Лондана.

Яны стаялі на ходніку каля дзвярэй дома Кэтэрлі, і, за выключэннем таго, што Вядзьмаркі, возніка і каня больш не было, усё было дакладна такім жа, як і ў момант іх знікнення. Стаяў ліхтар без аднаго прута, валяліся рэшткі двухколкі, і заставаўся натоўп. Усе яшчэ размаўлялі, і людзі станавіліся на калені побач з параненым паліцэйскім, кажучы ўсялякія рэчы кшталту: “Ён зараз ачуняе”, ці “Як ты, сябра?” ці “Доктар будзе тут вось-вось”.

“Неверагодна! — падумаў Дыгары. — Уся прыгода зусім не заняла часу”.

Большасць людзей шалёна азіраліся навокал, спрабуючы знайсці Джадзіс і каня. Ніхто не звярнуў аніякай увагі на дзяцей, бо ніхто не бачыў, як яны зніклі, і ніхто не заўважыў, як яны вярнуліся. Што да дзядзькі Эндру, з-за стану яго вопраткі і мёду на твары яго ніхто не мог бы пазнаць. На шчасце, уваходныя дзверы ў дом былі адчыненыя, і ў іх стаяла служанка, якая назірала за відовішчам (ну і дзень быў у гэтай дзяўчыны!), таму дзецям было няцяжка запхнуць дзядзьку Эндру ўнутр яшчэ да таго, як хтосьці пачаў задаваць нейкія пытанні.

Дзядзька панёсся наверх па лесвіцы, і спачатку дзеці вельмі спужаліся, што ён адразу пойдзе на гарышча і захоча схаваць астатнія пярсцёнкі. Але ім не варта было хвалявацца. Ён думаў пра бутэльку, што была ў яго шафе, і адразу ж знік у сваім пакоі, замкнуўшы дзверы. Дзядзька Эндру зноў выйшаў адтуль у халаце (варта зазначыць, вельмі няхутка) і пайшоў наўпрост у ванную.

— Можаш узяць астатнія пярсцёнкі, Полі? — запытаўся Дыгары. — Я хачу пайсці да маці.

— Добра. Пабачымся пазней, — сказала Полі і загрукатала абцасамі па лесвіцы на гарышча.

Дыгары пачакаў хвілінку, каб аддыхацца, і ціха зайшоў у матчын пакой. Яна ляжала такая, як ён бачыў яе шмат разоў, абапіраючыся на падушкі, з тонкім, бледным тварам, гледзячы на які хацелася плакаць. Дыгары дастаў з кішэні Яблык Жыцця.

I дакладна як Джадзіс у нашым свеце выглядала не так, як у сваім, так і садавіна з горнага саду таксама выглядала інакш. Вядома, у пакоі было шмат каляровых рэчаў: каляровая капа на ложку, шпалеры, сонечнае святло з вакна і матчына прыгожая блакітная начная кашуля. Але ў той момант, калі Дыгары выняў Яблык з кішэні, здалося, што ўсе рэчы ў параўнанні з ім зусім бляклыя. Усё, нават сонечнае святло, выглядала слабым і цьмяным. Яблык адкідваў зайчыкі на столь. Нішто іншае проста не было вартае ўвагі. I пах Яблыка Жыцця быў такі, нібыта ў пакоі было акно, што адчынялася ў Нябёсы.

— О, дарагі мой, які цудоўны яблык, — усміхнулася маці Дыгары.

— Ты з’ясі яго, праўда? Калі ласка, — сказаў Дыгары.