Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 37
— Я не ведаю, што сказаў бы доктар, — адказала яна. — Але, думаю… ён бы дазволіў.
Дыгары пачысціў яблык, парэзаў і стаў даваць маці лустачку за лустачкай. I, толькі з’еўшы яго, яна ўсміхнулася, адкінулася назад на падушку і заснула: сапраўдным, лагодным сном, якога яна прагнула больш за ўсё на свеце, без усялякіх гэтых агідных таблетак. I цяпер Дыгары быў упэўнены, што яе твар выглядаў крыху па-іншаму. Ён нахіліўся, вельмі асцярожна пацалаваў яе і выслізнуў з пакоя, забраўшы сарцавіну яблыка з сабой. Усю рэшту дня, калі ён глядзеў на рэчы навокал і бачыў, якія звычайныя і нечароўныя яны былі, ён амаль траціў надзею, але калі ўзгадваў твар Аслана, надзея вярталася да яго.
У той вечар ён закапаў сарцавіну ад Яблыка ў садзе за домам.
Наступнай раніцай, калі доктар прыйшоў на звычайны агляд, Дыгары перагнуўся праз парэнчы, каб паслухаць. Ён пачуў, як доктар выйшаў з цёткай Лэці і сказаў:
— Міс Кэтэрлі, гэта самы незвычайны выпадак, які я сустракаў за ўсю сваю медыцынскую практыку. Гэта… гэта як цуд. Зараз я нічога не буду казаць хлопчыку, не трэба абуджаць марных спадзяванняў. Але як на мяне… — тут яго голас стаў занадта ціхім, каб яго можна было пачуць.
Пасля абеду Дыгары спусціўся ў сад і прасвістаў сакрэтны сігнал, пра які яны дамовіліся з Полі (у яе не атрымалася вярнуцца ўчора).
— Як маецеся? — спыталася Полі, гледзячы паверх мура. — Я маю на ўвазе тваю маці.
— Я думаю, усё будзе добра, — адказаў Дыгары. — Але, калі ты не супраць, я не хацеў бы пакуль гаварыць пра гэта… А што з пярсцёнкамі?
— Я забрала ўсе, — сказала Полі.— Глядзі, усё добра, я ў пальчатках. Давай закапаем іх.
— Так, давай. Я пазначыў месца, дзе закапаў учора сарцавіну ад Яблыка.
Полі пералезла праз мур, і яны разам пайшлі туды. Але, як высветлілася, Дыгары не трэба было нават пазначаць месца. Там нешта праклюнулася. Яно не расло так хутка, як новыя дрэвы ў Нарніі, але ўжо добра паднялося над зямлёй. Яны ўзялі рыдлёўку і закапалі ўсе чароўныя пярсцёнкі, разам са сваімі, вакол дрэва.
Прыкладна праз тыдзень пасля гэтага стала дакладна зразумела, што маці Дыгары становіцца лепш. Праз два тыдні яна магла сядзець у садзе. А праз месяц увесь дом стаўся іншым. Цётка Лэці рабіла ўсё, што падабалася маці Дыгары: вокны расчынілі, затхлыя фіранкі адсунулі, каб асвятліць пакоі, паўсюль былі новыя кветкі, на абед гатавалі смачныя стравы, старое фартэп’яна наладзілі, і маці ізноў пачала спяваць і так гуляла з Дыгары і Полі, што цётка Лэці казала:
— Кажу табе, Мэйбл, з вас траіх ты найбольшае дзіця!
Калі справы ідуць кепска, вы заўважаеце, што звычайна яны ідуць усё горш і горш на працягу пэўнага часу, але, калі аднойчы справы пачынаюць ісці добра, яны часта становяцца ўсё лепей і лепей, не абмяжоўваючыся ў часе. Недзе праз шэсць тыдняў такога цудоўнага жыцця прыйшоў доўгі ліст ад бацькі з Індыі, у якім былі дзівосныя навіны. Стары стрыечны дзед Кёрк памёр, і гэта азначала, што бацька зрабіўся вельмі заможны. Ён збіраўся сысці на пенсію і назаўжды вярнуцца з Індыі дадому. I цяпер старажытны вялікі дом за горадам, пра які Дыгары чуў усё сваё жыццё, але ніколі не бачыў, будзе належаць ім; вялікі дом з рыцарскімі даспехамі, стайнямі, псярнямі, ракой, паркам, аранжарэямі, вінаграднікамі, лясамі і гарамі за імі. Так што Дыгары адчуваў, як адчуваў бы і кожны на яго месцы, што жыць яны цяпер будуць доўга і шчасліва. Але, магчыма, вы хацелі б даведацца яшчэ пра тое-сёе.
Полі і Дыгары заўсёды заставаліся добрымі сябрамі, і амаль кожныя вакацыі Полі прыязджала ў цудоўны загарадны дом Кёркаў; там яна навучылася ездзіць верхам, плаваць, даіць кароў, пячы і лазіць па дрэвах.
У Нарніі звяры жылі ў вялікім супакоі і радасці, і ані Вядзьмарка, ані які іншы вораг не турбаваў гэтую добрую зямлю шмат стагоддзяў. Кароль Фрэнк, Каралева Хэлен і іх дзеці шчасліва жылі ў Нарніі, і іх другі сын стаў Каралём Архэнлэнда.
Хлопцы жаніліся з німфамі, а дзяўчаты выходзілі замуж за лясных і рачных багоў.
Ліхтар, які пасадзіла Вядзьмарка (не ведаючы пра тое), ззяў у нарнійскім лесе дзень і ноч, таму тое месца, дзе ён рос, сталі называць Ліхтарнай Прагалінай, і калі праз шмат год іншая дзяўчынка з нашага свету трапіла ў Нарнію снежным вечарам, ліхтар усё яшчэ гарэў. I гэтая прыгода была ў нейкім сэнсе звязаная з тымі, пра якія я вам толькі што распавёў.
Гэта было так. Дрэва, якое вырасла з Яблыка, што пасадзіў Дыгары ў садзе за домам, стала вялікае і прыгожае. Яно расло ў глебе нашага свету, далёка ад гуку голасу Аслана і маладога паветра Нарніі, таму не прынесла яблыкаў, што маглі б вярнуць да жыцця смяротна хворую жанчыну, як гэта адбылося з маці Дыгары. Тым не менш, яго яблыкі былі прыгажэйшымі за ўсе іншыя яблыкі ў Брытаніі і былі надзвычай карысныя, нягледзячы на тое, што не былі цалкам чароўныя. Але ўнутры, у самай сваёй сарцавіне, дрэва (калі можна так сказаць) ніколі не забывалася на тое іншае дрэва ў Нарніі, ад якога яно паходзіла. Часам яно загадкава варушылася, калі не было ветру. Я мяркую, гэта здаралася тады, калі ў Нарніі дзьмулі моцныя вятры, і ангельскае дрэва дрыжэла, бо нарнійскае дрэва гайдалася і гнулася пад моцным паўднёва-заходнім штармавым ветрам. Як бы там ні было, пазней высветлілася, што ў яго драўніне ўсё яшчэ была магія. Бо калі Дыгары быў даволі-такі сталага ўзросту (да таго часу ён стаў вядомым навукоўцам, прафесарам і вялікім вандроўнікам) і стары дом Кэтэрлі стаў належаць яму, па ўсім поўдні Ангельшчыны быў моцны шторм, які зламаў дрэва. Дыгары не мог дапусціць, каб яблыню проста пасеклі на дровы, таму зрабіў з часткі дрэва шафу, якую паставіў у сваім вялікім доме. I хаця ён сам не адкрыў чароўныя якасці той шафы, гэта зрабіў нехта іншы. Вось такі быў пачатак усіх вандровак туды і назад паміж Нарніяй і нашым светам, пра якія вы можаце прачытаць у іншых кнігах.