Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 7
— Што будзем рабіць? — запыталася Полі.— Возьмем марскую свінку і вернемся дамоў?
— Нам няма куды спяшацца, — сказаў Дыгары, шырока пазяхаючы.
— Думаю, ёсць, — адказала Полі.— Тут занадта ціха. Тут так… так сонна. Ты амаль задрамаў. Калі мы абодва заснем, то так і будзем ляжаць і спаць вечна.
— Тут вельмі добра, — запярэчыў Дыгары.
— Так, — пагадзілася Полі.— Але нам трэба вяртацца.
Яна паднялася і асцярожна пайшла да марской свінкі. Але пасля перадумала.
— Лепей пакінем яе тут, — сказала Полі.— Тут яна шчаслівая, а твой дзядзька зробіць з ёй што-небудзь кепскае, калі мы вернем яе.
— Не сумняваюся, — адказаў Дыгары. — Дастаткова ўзгадаць, як ён абышоўся з намі. Дарэчы, а як нам вярнуцца дамоў?
— Скокнуць назад у возера, думаю.
Яны ўдваіх падышлі да краю азярка і спыніліся, гледзячы ў спакойную ваду. Яна адлюстроўвала зялёныя, поўныя лістоты галіны, і таму азярко выглядала вельмі глыбокім.
— У нас няма ў чым плаваць, — сказала Полі.
— А нам нічога і не трэба, — адказаў Дыгары. — Можна нырнуць і ў вопратцы. Ці ты не памятаеш, што мы не намоклі, калі трапілі сюды?
— А ты ўмееш плаваць?
— Крыху. А ты?
— Ну, не зусім добра.
— Не думаю, што давядзецца плысці,— сказаў Дыгары. — Мы ж хочам спусціцца ўніз, так?
Ім абодвум не вельмі падабалася ідэя скокнуць у возера, але ніхто не вымавіў гэтага ўголас. Яны ўзяліся за рукі, сказалі: “Адзін — два — тры — давай!” — і скокнулі. Атрымаўся вялікі ўсплеск, і, вядома, дзеці зажмурыліся. Але, калі Полі і Дыгары расплюшчылі вочы, аказалася, што яны ўсё яшчэ пасярод зялёнага лесу, трымаюцца за рукі і стаяць у вадзе, якая ледзь даходзіць да шчыкалатак. Возера, відаць, было ўсяго некалькі сантыметраў глыбінёй. Яны пашлёпалі назад, на сухую зямлю.
— Чаму ў нас нічога не атрымалася? — спыталася Полі спужаным голасам, але не настолькі спужаным, як вы маглі б падумаць, бо ў тым лесе было складана сапраўды спужацца. Ён быў такі мірны.
— Зразумеў! — сказаў Дыгары. — Вядома ж, не атрымалася. Жоўтыя пярсцёнкі ўсё яшчэ надзетыя. Яны для перамяшчэння ў Іншае Месца. Зялёныя перанясуць нас дамоў. Трэба памяняць іх. У цябе ёсць кішэні? Добра. Пакладзі жоўты пярсцёнак у левую. У мяне два зялёныя. Вось адзін табе.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да возера, але тут Дыгары ўсклікнуў: “Чакай!”
— Што здарылася? — запыталася Полі.
— Мне ў галаву толькі што прыйшла цудоўная ідэя, — сказаў Дыгары. — А што ва ўсіх іншых азярках?
— Што ты маеш на ўвазе?
— Глядзі: калі мы можам вярнуцца ў наш свет, скокнуўшы ў гэтае возера, мы, пэўна, патрапім куды-небудзь яшчэ, калі скокнем у іншае. Што, калі на дне кожнага возера знаходзіцца іншы свет?
— Але я думала, што мы ўжо ў тым Іншым Свеце, пра які казаў твой дзядзька Эндру, ці Іншым Месцы — як там ён яго называў? Ты хочаш сказаць, што…
— Забудзься на дзядзьку Эндру, — перапыніў Дыгары. — Не думаю, што ён нешта пра гэта ведае. У яго ніколі не хапала мужнасці перанесціся сюды самому. Ён казаў толькі пра адзін Іншы Свет. А што, калі іх дзясяткі?
— Ты думаеш, гэты лес можа быць толькі адным з іх?
— Не, я думаю, што гэты лес — зусім не свет. Мяркую, гэта проста нейкае месца паміж сусветамі.
Полі выглядала збянтэжанай.
— Няўжо ты не разумееш? — сказаў Дыгары. — Паслухай. Узгадай пра наш тунэль пад дахам. Ён не з’яўляецца пакоем аніводнага з дамоў. Яго нават цяжка назваць часткай якога-небудзь дома. Але можна хадзіць па ім і трапляць у розныя дамы. Гэты лес можа быць чымсьці падобным. Месца, якое не знаходзіцца ні ў адным з сусветаў, але вядзе ва ўсе сусветы!
— Нават калі так… — пачала Полі, але Дыгары працягваў, нібыта яе не чуў.
— I тады гэта ўсё тлумачыць, — сказаў ён. — Таму тут так ціха і сонна. Тут ніколі нічога не адбываецца. Як і там, у нас. Людзі ў дамах размаўляюць, робяць свае справы, ядуць. Нічога не адбываецца толькі ў месцах, якія знаходзяцца паміж нечым: паміж сценамі, па-над столлю, пад падлогай ці ў нашым тунэлі. Але калі ты выходзіш з яго, патрапляеш у той ці іншы дом. Я думаю, адсюль мы можам перанесціся куды заўгодна! Мы не абавязаны зараз скокаць у тое ж азярко, праз якое апынуліся тут. Давай паспрабуем іншае.
— Лес Паміж Сусветамі,— сказала Полі з выглядам чалавека, які лунае ў сваіх марах. — Гучыць даволі прывабна.
— Хадзем, — прапанаваў Дыгары. — Якое выберам?
— Слухай, — сказала Полі.— Я не збіраюся скокаць ні ў якое іншае возера, пакуль мы не ўпэўнімся, што можам вярнуцца назад праз гэтае. Мы нават не ведаем, ці гэта ўвогуле працуе.
— Ага, — адказаў Дыгары, — каб нас злавіў дзядзька Эндру і адабраў пярсцёнкі, а мы нават павесяліцца не паспелі. Ну, дзякуй.
— А ці не лепш нам нырнуць часткова, не да канца? — мовіла Полі.— Толькі каб паглядзець, ці атрымаецца. А калі так, мы памяняем пярсцёнкі ды зноў падымемся сюды, перш чым цалкам вярнуцца ў кабінет містара Кэтэрлі.
— А ці зможам мы нырнуць не да канца?
— Ну, спатрэбіўся ж нейкі час, каб падняцца сюды. Мяркую, у нас будзе час і на тое, каб вярнуцца.
Дыгары доўга супраціўляўся гэтай ідэі, але ўрэшце яму давялося пагадзіцца, бо Полі наадрэз адмовілася даследаваць іншыя сусветы, пакуль не пераканаецца, што можна вярнуцца ў іх уласны. Яна была амаль такой жа смелай, як Дыгары, калі справа тычылася небяспекі (напрыклад, восаў), але яе мала прываблівала ідэя даследаваць рэчы, пра якія ніхто раней не чуў. Дыгары ж быў з тых людзей, якія хочуць ведаць усё, і, пасталеўшы, ён стаў знакамітым прафесарам Кёркам, з якім мы сустрэнемся ў іншых нашых кнігах.