Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка - страница 8

Пасля даволі зацятых спрэчак яны пагадзіліся надзець зялёныя пярсцёнкі (“Зялёны азначае бяспеку, — сказаў Дыгары, — таму ты не пераблытаеш”), узяцца за рукі і скочыць. Як толькі яны заўважаць, што вяртаюцца ў кабінет дзядзькі Эндру ці нават толькі ў іх уласны сусвет, Полі мусіла крыкнуць: “Мяняем!” — і тады яны здымуць зялёныя і надзенуць жоўтыя пярсцёнкі. Дыгары сам хацеў крычаць “мяняем”, але Полі не згадзілася.

Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі, узяліся за рукі і яшчэ раз крыкнулі: “Адзін — два — тры — давай!” Гэтым разам усё атрымалася. Вельмі складана апісаць, як усё адбылося, бо адбылося гэта вельмі хутка. Спачатку з'явіліся зыркія агеньчыкі, якія рухаліся па чорным небе. Дыгары заўсёды думаў, што гэта былі зоры, і нават кляўся, што даволі блізка бачыў Юпітар — настолькі блізка, што мог разгледзець яго спадарожнікі. I амаль адразу пасля гэтага з'явіліся шэрагі дахаў і комінаў, яны пабачылі сабор Святога Паўла і зразумелі, што глядзяць на Лондан. Дзеці бачылі скрозь муры дамоў. Потым яны заўважылі дзядзьку Эндру. Яго цьмяная постаць з кожным імгненнем рабілася ўсё больш выразнай і больш рэальнай, нібыта на яе наводзілі фокус фотакамеры. Але, перш чым дзядзька Эндру зрабіўся зусім сапраўдным, Полі закрычала: “Мяняем!” — і яны памянялі пярсцёнкі. Наш сусвет развеяўся, як сон, а зялёнае святло зверху пачало рабіцца ўсё мацнейшым і мацнейшым, пакуль іх галовы не апынуліся на паверхні азярка і дзеці не выбраліся на бераг. Усё гэта заняло менш за хвіліну.

— Вось так! — сказаў Дыгары. — Усё працуе. А зараз — прыгоды. Можам выбраць любое возера. Хадзем. Давай паспрабуем тое.

— Стой! — крыкнула Полі.— Можа, трэба пазначыць гэтае, наша?

Яны паглядзелі адно на аднаго і збялелі ад разумення той страшнай рэчы, якую Дыгары толькі што збіраўся зрабіць. Бо ў лесе была бясконцая колькасць азёр, яны ўсе былі аднолькавыя, і ўсе дрэвы былі аднолькавыя. Такім чынам, калі б яны аднойчы пакінулі тое азярко, што вядзе ў наш сусвет, без аніякай адзнакі, у іх наўрад ці атрымалася б знайсці дарогу дадому.

Дрыготкай рукой Дыгары дастаў кішэнны нож і выразаў доўгую палоску дзірвану на беразе. Зямля смачна пахла, і яе чырванавата-карычневы колер быў добра бачны на зялёным.

— Добра, што адзін з нас мае крыху розуму, — сказала Полі.

— Толькі не надумай увесь час пра гэта ўзгадваць, — адмахнуўся Дыгары. — Хадзем. Я хачу паглядзець, што ў іншых азёрках.

Полі рэзка адказала яму, а ён сказаў нешта ў адказ, яшчэ больш з’едліва. Спрэчка доўжылася некалькі хвілін, але цалкам прыводзіць яе нецікава. Давайце прапусцім яе і пяройдзем да моманту, калі яны, усхваляваныя, з засяроджанымі тварамі, стаялі на беразе незнаёмага азярка, надзеўшы жоўтыя пярсцёнкі і трымаючыся за рукі. Яны зноў сказалі: “Адзін — два — тры — давай!”

Плюх! Ізноў не спрацавала. Гэтае азярко таксама аказалася лужынай. Замест таго, каб апынуцца ў новым сусвеце, яны толькі намачылі ногі другі раз за раніцу (калі гэта была раніца: падобна, у Лесе Паміж Сусветамі заўсёды быў адзін і той жа час).

— Ах ты! — усклікнуў Дыгары. — Што не так гэтым разам? Мы надзелі жоўтыя пярсцёнкі. Ён жа сказаў, што жоўтыя — для вандровак у іншы свет.

Але насамрэч дзядзька Эндру, які нічога не ведаў пра Лес Паміж Сусветамі, меў няправільнае ўяўленне пра пярсцёнкі. Жоўтыя не пераносілі ў іншы свет, і зялёныя не пераносілі дамоў. Прынамсі, не ў тым сэнсе, як ён разумеў. Рэчыва, з якога былі зроблены пярсцёнкі, паходзіла адсюль, з лесу. Рэчыва жоўтых пераносіла ў лес. Яно імкнулася вярнуцца назад, у сваё месца, што знаходзіцца пасярод сусветаў. А рэчыва зялёных пярсцёнкаў намагалася пакінуць гэтае месца і пераносіла вас з лесу ў іншы сусвет. Разумееце, дзядзька Эндру працаваў з тым, у чым не да канца быў абазнаны; большасць чараўнікоў такія. Вядома, Дыгары таксама да канца не ўсведамляў праўды, прынамсі, да пэўнага часу. Але, абмеркаваўшы ўсё, дзеці вырашылі паспрабаваць скокнуць у новае азярко, надзеўшы зялёныя пярсцёнкі,— проста каб паглядзець, што адбудзецца.

— Я пайду, калі ты пойдзеш, — сказала Полі. Але насамрэч яна сказала так, бо цяпер адчувала, што ніякія пярсцёнкі не спрацуюць на новым азярцы, і ў самым горшым выпадку атрымаецца яшчэ адзін плюх. Я не ўпэўнены, што Дыгары не пачуваўся гэтак жа. У любым выпадку, яны абое надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да беражка. Цяпер, ізноў узяўшыся за рукі, яны; былі значна весялейшыя і менш урачыстыя, чым у першы раз.

— Адзін — два — тры — давай! — сказаў Дыгары.

I яны скочылі.

Звон і малаток

Гэтым разам не было ніякага сумніву, што творыцца Магія. Яны падалі ніжэй і ніжэй, спачатку скрозь цемру, а пасля скрозь шматлікія размытыя формы, якія круціліся і маглі быць чым заўгодна. Рабілася святлей. Потым яны раптам адчулі, што стаяць на нечым цвёрдым. У наступны момант усё навокал перастала быць размытым, і яны змаглі агледзецца.

— Якое дзіўнае месца! — сказаў Дыгары.

— Мне тут не падабаецца, — мовіла Полі і здрыганулася.

Перадусім яны звярнулі ўвагу на святло. Яно не было падобным да сонечнага ці электрычнага святла, ці святла ад лямпы або свечак, ці да любога іншага святла, якое яны калі-небудзь бачылі. Гэта было прыглушанае, чырванаватае, невясёлае святло. Яно было роўным і не давала бляску.

Дзеці стаялі на брукаванай пляцоўцы, вакол высіліся будынкі. Над галавой не было даху; месца нагадвала ўнутраны двор. Неба было надзвычай цёмнае: сіняга, амаль чорнага колеру. Пабачыўшы такое неба, вы б здзівіліся, што ўвогуле ёсць нейкае святло.